ДОМ РАМЕ́СНІКА,
тып жылога дома.
Буд-ва Д.р. пашырылася з 2-й пал. 12 ст. ў Еўропе з ростам рамяства і гандлю. У Беларусі вядомы з сярэдневякоўя да пач. 20 ст. Складаўся з жылой (звычайна размяшчалася з боку двара) і службовай (арыентавана на вуліцу) частак, падзеленых капітальнай сцяной. меў ад 3 да 6 пакояў, будаваўся пераважна з дрэва. З 2-й пал. 18 ст. пашырыліся Д.р. мяшанай канструкцыі: зруб спалучаўся з мураванай сцяной фасада (гл. Нясвіжскі *дом на рынку»). Арх.-маст. афармленне канцэнтравалася на гал. фасадзе (драўляныя будынкі аздаблялі дэкар. разьбой, мураваныя мелі элементы стыляў барока і класіцызму). Д.р. групаваліся вакол гандлёвых плошчаў ці на прылеглых да іх вуліцах.
т. 6, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)